A R C H E П а ч а т а к № 6 (29) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


62003
» да Зьместу «

 


Эўропа на ўсход ад Эўропы
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


Эўропа
на ўсход ад Эўропы

  МІКОЛА РАБЧУК

(27Kb) Вокладка ARCHE 6-2003. «ЭЎРОПА НА ЎСХОД АД ЭЎРОПЫ». Малюнак Уладзімера Адамчыка “Маленькі Анёльчык”, дызайн Зьмітра Герасімовіча.

   Мінулыя нумары:

   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

 

Мікола Рабчук
Шчарбіцкі forever

1

Сярод шматлікіх анэкдотаў часоў “разьвітага сацыялізму”, што ўтваралі альтэрнатыўную, ці, як сказаў бы Бахцін, “карнавалізаваную”, пастаўленую дагары нагамі вэрсію савецкае гісторыі, хапала разнастайных апакрыфічных аповедаў пра гістарычных асобаў — ад легендарнага Васіля Іванавіча Чапаева і яшчэ легендарнейшага Штырліца да цалкам канкрэтных Леніна-Сталіна-Хрушчова-Брэжнева і нават Гарбачова. Адна з такіх показак, што набыла папулярнасьць напярэдадні 100-годзьдзя з дня нараджэньня “Ільліча”, парадыявала пашыраную ў тыя часы практыку запрашаць усялякіх “сьведкаў і ўдзельнікаў бурлівых падзеяў” да школьнікаў — падзяліцца незабыўнымі ўражаньнямі пра выдатных асобаў. Вэтэран апавядае дзецям пра дабрыню дзядулі Леніна: “Быў я тады, — кажа, — беспрытульным хлопчыкам-сіратом, валачуся неяк галодны падмаскоўнымі Горкамі, аж бачу, у парку на лавачцы сядзіць дзядок і ножыкам яблык выразае. Я падыходжу і кажу: “Дзядуля, дай кавалачак яблычка”. Той і адказвае: “Пайшоў на х…, ублюдак!..” А вочы такія добрыя-добрыя…” (“А мог і ножыкам шахнуць”, — дадае мэмуарыст у іншым варыянце таго самага анэкдоту.)

Нешта падобнае прыгадваецца і ў сувязі з навачаснымі мэмуарамі намэнклятурных работнікаў, змагароў “працоўнага”, “ідэалягічнага” ды гэбэшна-тэрарыстычнага фронту. Успаміны тыя выдаюцца за грошы сьціплых, у асноўным неназваных “спонсараў” і часам нават не трапляюць у вольны продаж: распаўсюджваюцца найперш сярод “сваіх” — як такі сабе гатунак посткамуністычнага самвыдаву. Зборнік успамінаў пра Шчарбіцкага, што выйшаў нядаўна да 85-годзьдзя апошняга камуністычнага намесьніка Ўкраіны, зьяўляецца ў пэўным сэнсе апатэозам гэтае камуністычнае агіяграфіі. Ад дзясяткаў падобных кніжак гэтая розьніцца не якімсьці асаблівым цынізмам, хлусьлівасьцю ці бессаромнасьцю, а толькі адной — але надзвычай істотнай — рысай. Гэта першая кніжка такога кшталту, надрукаваная за дзяржаўныя, то бок грамадзкія, грошы — на замову Дзяржаўнага камітэту інфармацыйнае палітыкі, тэлебачаньня і радыёвяшчаньня Ўкраіны ў рамках праграмы выпуску сацыяльна значных (sic!) выданьняў. Пра тое, хто складае і зацьвярджае гэтую таямнічую праграму, якія кніжкі зь яе ўжо пабачылі сьвет, дзе й калі абвяшчаўся тэндэр для выдаўцоў і каго, урэшце, ды на якіх умовах абралі, — можна было б пагутарыць асобна. Але паколькі непадкупнасьць украінскіх чыноўнікаў ёсьць пакуль што іх прыватнай справай, тымчасам як гіпэркарумпаванасьць даўно ўжо ёсьць справай міжнароднай, мы адкладзём складаную размову да лепшых часоў з надзеяй, што ўкраінская ўлада калісьці ўсё ж зробіцца празрыстай.
 

  (нар. у 1953, Луцк) — культурны і палітычны аналітык, гісторык культуры, дасьледчык украінскага нацыяналізму. Сёлета ў «ARCHE» друкаваўся артыкул Рабчука «Імпэрыя як дыскурс» (№1-2003). Тэкст друкуецца з ласкавай згоды аўтара.
   

Замест гэтага абмяркуем тут праблему калі не прасьцейшую, дык відавочнейшую. Кніга ўспамінаў пра Шчарбіцкага пабачыла сьвет ня проста за грошы звычайных грамадзянаў, падаткаплатнікаў (у тым ліку і тых, што маюць падставы гэтага дабрадзея зьневажаць або ненавідзець). Яна сталася часткай шырэйшых дзяржаўных захадаў, скіраваных (зноў-такі за грошы згаданых грамадзянаў) на сьвяткаваньне 85-гадовага юбілею камуністычнага дзеяча, правядзеньне ў яго гонар памятных вечарынаў і навуковых канфэрэнцыяў, пераназываньне вуліцаў ды адкрыцьцё мэмарыяльных дошак, арганізацыю музэйных выставаў і здыманьне дакумэнтальных фільмаў, — згодна з пастановай Кабінэту Міністраў, якую падпісаў віцэ-прэм’ер па гуманітарных пытаньнях Дзьмітро Табачнік.

Лішне, відаць, тлумачыць, што Шчарбіцкі аніяк ня быў “выдатным дзеячом”, а тым больш — асобай, перад якой грамадзяне незалежнае Ўкраіны мусілі б паважліва схіляць галовы. Каб гэта зразумець, ня трэба нават апэляваць да думак і доляў дысыдэнтаў ці ахвяраў Чарнобылю, дастаткова ўважліва зірнуць на згадкі ягоных цалкам “ляяльных” паплечнікаў, кшталту Леаніда Краўчука: “Мне Шчарбіцкі заўжды казаў: “Памятай, мы тут палітыкі ня робім”. Ён пільна сачыў, каб нідзе ў дакумэнтах не праскочыла, што ЦК Кампартыі Ўкраіны распрацоўвае палітыку, не — толькі “падтрымлівае” ды “зьдзяйсьняе”. Украіна 340 гадоў ня мела сваёй палітыкі. Гэта сёньня я ўжо магу казаць пра ўкраінскую палітыку пачынаючы з 1991 году, разважаць пра адказнасьць лідэраў краіны ды ўрадавых чыноўнікаў за тыя або іншыя падзеі. А тады мы такой магчымасьці ня мелі”.

Іншы дасьведчаны апаратчык Юхім Лазебнік прызнаецца, што “доўгі час глядзеў на Шчарбіцкага зь непрыхаванай павагаю і думаў, што менавіта ён той чалавек, які здатны выказваць трывогі й боль украінскага народу… Але я памыліўся”. Шчарбіцкі, паводле сьведчаньняў Лазебніка, як скінулі Хрушчова, “пачаў выпраменьваць якуюсьці непрыязнасьць да ўсяго ўкраінскага”. Ён прынцыпова перастаў гаварыць па-ўкраінску (падаўшы недвухсэнсоўны прыклад усёй мясцовай намэнклятуры), прынцыпова пачаў замест тэрміну “ўкраінскі народ” ужываць “народ Украіны”, а пасьля зьмяшчэньня з пасады Шэлеста ў 1972 годзе ня толькі ня стрымліваў, а, наадварот, усяляк спрыяў палітычным рэпрэсіям ды ўсебаковай русіфікацыі Ўкраіны. У мэмуарнай вэрсіі Краўчука гэта выглядае так: “Уладзімер Васілевіч ставіўся да роднае мовы, мякка кажучы, ня дужа прыязна. Сам ён гаварыў выключна па-расейску, таму для ягоных падначаленых, незалежна ад нацыянальнасьці, гэтая мова рабілася моваю камунікацыі. А пра дакумэнты, справаздачы, выступы, даклады — няма чаго й казаць. За часам сакратарства Пятра Шэлеста ў многіх школах існавалі куточкі ўкраінскае мовы. Пасьля прыходу Шчарбіцкага тыя куточкі зьніклі, затое пачало зьяўляцца ўсё больш школаў, дзе на роднай мове выкладалі хіба толькі ўкраінскую літаратуру. Неяк мне ў рукі трапіла анкета першага сакратара, дзе слова “ўкраінец” у графе “нацыянальнасьць” было выпраўленае на “русский”.

Мімаходзь зазначым, што такія анкеты запаўняліся ўласнаручна, і перапісваньне “іншародцаў” на “русских” было ўвогуле пашыранаю зьявай у асяродзьдзі маларасійскай намэнклятуры — вось і Леанід Кучма, як толькі стаў у 1992 годзе прэм’ер-міністрам, змушаны быў перапісвацца назад з “русского” на “украинца”.
 

   
   

Леанід Краўчук у сваіх успамінах распавядае пацешную гісторыю пра тое, як аднаго разу памочнікі пераканалі Шчарбіцкага выступіць перад пісьменьнікамі па-ўкраінску — зважаючы, так бы мовіць, на спэцыфіку кантынгенту. Гэта было ўжо падчас перабудовы, і шмат каму падавалася, што такі жэст палепшыць адносіны між Кампартыяй Украіны ды “нацыянал-патрыятычна арыентаванымі” (у Краўчуковых тэрмінах) пісьменьніцкімі коламі. “Першы сакратар доўга вагаўся, аж нарэшце пагадзіўся. Некалькі работнікаў апарату падрыхтавалі тэкст, акуратна паставіўшы націскі. Нязвыклая мова Шчарбіцкаму давалася цяжка, збоку здавалася, што Ўладзімер Васілевіч прыкладае істотныя намаганьні, каб не перайсьці на звыклую для яго расейшчыну. Але адпаведнае ўражаньне на слухачоў той учынак усё адно зрабіў. Ды гэта была першая і апошняя праява “нацыянальнае сьвядомасьці”. Адразу пасьля паседжаньня кіраўнік ЦК, ледзь стрымліваючы гнеў, заявіў нам: “Ніколі больш не прапануйце мне падобнага”. Трохі памаўчаў і з націскам паўтарыў: “Ніколі!”

Уласна, усе немудрагелістыя аргумэнты на карысьць своеасаблівае “бэатыфікацыі” Шчарбіцкага як “выдатнага дзяржаўнага дзеяча” зводзяцца да дзьвюх тэзаў. Адна — што ён быў “моцным гаспадарнікам”, які ўсяляк дбаў пра сацыялістычнае будаўніцтва ўва Ўкраіне, дасягаючы на гэтай дзялянцы гучных посьпехаў. Другая — што ён быў добрым, прыстойным, сьціплым у асабістым жыцьці чалавекам, у адрозьненьне ад большасьці тагачасных намэнклятурнікаў — а пра сёньняшніх і гаворкі няма. Першую тэзу падмацоўваюць пералікам так званых “народнагаспадарчых” і “сацыяльна-культурных” аб’ектаў, збудаваных у часе яго амаль чвэрцьстагодзьдзевага кіраваньня ў Радзе Міністраў і ЦК КПУ. Другую пацьвярджаюць кранальныя ўспаміны вэтэранаў у ключы згаданай на пачатку показкі.

Абедзьве стратэгіі “бэатыфікацыі” Шчарбіцкага — “дзяржаўніцкая” і “чалавечая” — разьлічаныя на наіўную сьвядомасьць постсавецкага абывацеля, які ані ня думае, які характар, мэту і цану мела тое “сацыялістычнае будаўніцтва”, а тым больш не задумваецца пра спалучэньне ўсіх тых асабістых цнотаў Шчарбіцкага з злачынным характарам сыстэмы, якой ён аддана служыў і якую ў вялікай меры ўвасабляў.

Калі паплечнікі й спадкаемцы Шчарбіцкага цьвердзяць, што ён “у свой час нямала зрабіў для разьвіцьця краіны”, варта памятаць пра спэцыфіку таго “разьвіцьця” і тае “краіны”, зь якой маларос Шчарбіцкі сябе атаясамліваў. Безумоўна, як і кожны маскоўскі намесьнік, ён меў свае інтарэсы ў рэгіёне (найперш эканамічныя) і, як кожны васал, спалучаў у сабе паказное халуйства перад сюзэрэнам ды прыхаваную непрыязнасьць да яго.

Адна з паплечніц Шчарбіцкага Валянціна Шаўчэнка рашуча абвяргае сьцьверджаньні, што У.В. нібыта “не бараніў інтарэсаў Украіны ў Маскве, ня дбаў пра свой народ”. “Я не магу з гэтым пагадзіцца, бо ведаю, як нялёгка было адстойваць інтарэсы рэспублікі ў Палітбюро ЦК КПСС, на сэсіях Вярхоўнага Савету Саюзу ССР ды ў саюзным урадзе. Дарэчы, і нас, кіраўнікоў Украіны ўсіх узроўняў, У.В. вучыў і раіў нам, як лепей дзейнічаць”. З сказанага, зразумела, не вынікае, што Шчарбіцкі быў такім сабе “сабатажнікам”, які і сам змагаўся як мог з маскоўскім дыктатам, ды яшчэ й падначаленых пад’юджваў. Ягоныя паводзіны, у прынцыпе, нічым ня розьніліся ад мяккага “апартунізму” большасьці мясцовых кіраўнікоў позьнесавецкае эпохі — як рэспубліканскага, так і абласнога ды раённага ўзроўняў.
 

   
   

Перш чым называць Шчарбіцкага “выдатным дзеячом”, варта было б адказаць на пытаньне, а што ж ён, уласна, зрабіў такога, чаго на яго месцы не зрабіў бы любы іншы тагачасны намэнклятурнік; а галоўнае — чаго ён, насуперак ціску Масквы ды актуальным на той час палітычным абставінам, наважыўся не зрабіць. Калі казаць пра зробленае, дык тут гіпатэтычная розьніца між Шчарбіцкім і любым іншым маскоўскім намесьнікам ува Ўкраіне істотнай быць не магла, з увагі на той факт, што 90% прамысловасьці Ўкраіны падпарадкоўвалася непасрэдна маскоўскім міністэрствам (а ня Кіеву). Нават нестратэгічныя аб’екты, кшталту дзіцячага мэдычнага комплексу ці палацу культуры, дазвалялася будаваць толькі з згоды Масквы. Можна, вядома, дапусьціць, што пры якім іншым кіраўніку ў Кіеве збудавалі б ня сто дзіцячых садкоў (як пры Шчарбіцкім), а толькі 88; паставілі б ува Ўкраіне ўдвая болей (ці ўдвая меней — невядома, як лепш!) доменных печаў ды атамных электрастанцыяў, — усё гэта зусім не зьмяняе прынцыпова экстэнсіўнага характару сацыялістычнае эканомікі зь яе вар’яцкай энэргаёмістасьцю, зьнішчэньнем навакольля, нізкай прадукцыйнасьцю працы, вартай жалю якасьцю тавараў і паталягічнай гіпэрмілітарызаванасьцю, зусім не супярэчыць яе каляніяльнай пэрыфэрыйнасьці й падпарадкаванасьці агульнасаюзнаму “Цэнтру”.

Іншая рэч, што Шчарбіцкі, як і кожны шрубок сыстэмы, меў шанец нечага не зрабіць і тым самым, у адрозьненьне ад іншых шрубкоў, заслужыць калі не дараваньне і любоў, дык прынамсі разуменьне і павагу нашчадкаў. Ніводнага з такіх шанцаў Шчарбіцкі ня выкарыстаў — калі, вядома, ня браць пад увагу кур’ёзныя гісторыі з малочнымі парсючкамі, не адасланымі ў Маскву. Ніводнага разу — ні ў 1972—1973, ні ў 1977—1978 гадах — ён нават не спрабаваў хоць трохі скараціць сьпіс вызначаных кагэбістамі ахвяраў, зьмякчыць хвалю рэпрэсіяў, ганеньняў супраць украінскай інтэлігенцыі, затармазіць брутальную русіфікацыю, якую сам заахвочваў. І таксама ў красавіку 1986 году яму не хапіла ні мужнасьці, ні сумленьня выступіць у абарону народу і краіны, якія ён нібыта (на думку адданых агіёграфаў) лічыў “сваімі”. Ён не абвясьціў пра катастрофу, нават не заклікаў насельніцтва да мінімальных мераў бясьпекі — як гэта на другі дзень зрабіў польскі (таксама, дарэчы, камуністычны) урад. Ён не адмовіўся ад ганебнай дэманстрацыі 1 траўня, хоць гаворка йшла не пра вайсковы бунт і нават не пра ідэалягічную нязгоду, а ўсяго толькі пра невыкананьне злачыннага загаду.

Многа хто дагэтуль лічыць, што Шчарбіцкі баяўся за ўласную скуру і таму не наважыўся выступіць супраць бязглуздых наказаў Масквы, нават калі вялося пра жыцьцё і здароўе мільёнаў яго суайчыньнікаў. Гэтая перакананасьць хутчэй паглыбляецца, чым аслабляецца тымі супярэчлівымі тлумачэньнямі паводзінаў Шчарбіцкага ў чарнобыльскія дні, прапанаванымі найбліжэйшымі сваякамі й паплечнікамі. З аднаго боку, цьвердзяць яны, Шчарбіцкі ня меў поўнае інфармацыі і не ўяўляў рэальных маштабаў ды наступстваў катастрофы. А зь іншага — ён безвынікова дамагаўся ад Масквы дазволу эвакуяваць кіеўцаў, не зьбіраць першатравеньскай дэманстрацыі і, увогуле, дзейнічаць рашуча. У адным выпадку ўсе прыгадваюць, што і сям’я самога Шчарбіцкага, уключна з унукам, была на згаданай дэманстрацыі й эвакуявалася з Кіеву аж 12 траўня, у іншым — цытуюць пагрозу, нібыта выказаную Гарбачовым: “Калі сарвеш дэманстрацыю — выключым з партыі”.

Простая людзкая лёгіка сьведчыць, што нейкае з двух тлумачэньняў паводзінаў Шчарбіцкага лішняе. Або ён сапраўды нічога ня ведаў і не ўяўляў — і тады ня мусіў бы нічога ад Масквы дамагацца; або ж ведаў дастаткова — і тады мусіў ратаваць людзей, незалежна ад згоды (ці нязгоды) Масквы. Але гэткая лёгіка спрацоўвае ў антрапацэнтрычным сьвеце, тады як Уладзімер Шчарбіцкі, нагадаем, жыў у сьвеце ідэацэнтрычным, дзе кіраўнікі-“дрывасекі” ніколі не лічыліся з “трэскамі”, што ляцелі з-пад іхных сякераў, дзе абстрактная ідэя важыла непараўнальна болей за чалавечае жыцьцё і дзе выбаўленьне зь бяды асобных людзей было несувымерным з сапраўднай мэтай усіх камуністаў — уратаваньнем людзтва (ці, прынамсі, яго найлепшае, “праведнае” часткі, якую яны самі мусілі вызначыць і адсартаваць).

На фоне прагнасьці й разбэшчанасьці тагачаснай, а тым больш сёньняшняй “эліты” Ўладзімер Шчарбіцкі зь ягонымі 60 тысячамі савецкіх рублёў, назьбіраных за цэлае жыцьцё, выглядае сапраўды ледзь ня ўзорам камуністычнае высокамаральнасьці. А ўсё ж націск у апошнім словазлучэньні трэба ставіць на слове “камуністычнай” — гэты прыметнік вызначае, на маю думку, значна больш, чым назоўнік. Ён ня толькі дае адказ, чаму Шчарбіцкі не супрацьстаяў палітычным рэпрэсіям ды русіфікацыі Ўкраіны і чаму не зрабіў усяго, што мог і мусіў, пасьля чарнобыльскай аварыі. Ён вызначае таксама, чаму ўсе ягоныя асабістыя цноты так і ня сталі грамадзка значнай зьявай, застаўшыся чыста прыватнымі рысамі — прыблізна ў тым самым сэнсе, у якім засталіся чыста прыватнымі рысамі ўсе цноты нацысцкіх правадыроў. А сярод паплечнікаў Гітлера, як мы ведаем, таксама былі спагадлівыя бацькі й дзядулі, верныя мужы, аматары свойскіх жывёлін ды фартэпіяннае музыкі (калі гэта, вядома, не супярэчыла генэральнай лініі іхнае партыі), ня схільныя да чаркі й мацюкоў, моцныя гаспадарнікі й шчырыя патрыёты сваёй айчыны, якія, няма сумневаў, жадалі дабра свайму народу. Іншая справа, што да іх народу не належалі ў адным выпадку габрэі ды цыганы, у іншым — “украінскія буржуазныя нацыяналісты” ды “клясавыя ворагі”; і адных, і другіх трэ было зьнішчыць у імя найвышэйшай, толькі “шчырым патрыётам” вядомай і імі манапалізаванай справядлівасьці.

 

   
   

2

Кожная ўлада, аднак, якой бы яна ні была “прагматычнай” ды “незакамплексаванай” (то бок вольнай ад маральных, нацыянальных ды іншых падобных комплексаў), патрабуе пэўнае легітымнасьці. Дзеля гэтага ёй даводзіцца ня толькі імітаваць “дэмакратычныя” інстытуцыі ды працэдуры, але й ствараць пэўныя сымбалі, гістарычныя і навачасныя, якія б ядналі насельніцтва калі не ў сьвядомых грамадзянаў (для алігархічнае ўлады гэта цалкам непажадана), дык прынамсі ў ляяльных падданых. Украінская дзяржава, што паўстала як юрыдычная спадкаемніца УССР і адначасова як “духоўная” спадкаемніца ранейшых украінскіх (ці протаўкраінскіх) протадзяржаваў — ад Кіеўскае Русі ды Галіцка-Валынскага каралеўства да Гетманшчыны і аж да УНР, — ад самага пачатку прымхліва яднала старыя сымбалі савецкіх часоў з старэйшымі дасавецкімі (і антысавецкімі), заснаванымі на гістарычнай мадэлі Грушэўскага.

Эклектыка сымбалічных рэпрэзэнтацыяў новае дзяржавы, што спачатку ўспрымалася як пераходная зьява, зрабілася з часам яе характэрнай, сутнаснай адзнакай — сымбалічным адбіткам “момантакратыі” — забесьпячэньня хвілінных патрэбаў посткамуністычнае алігархіі (утрыманьне ўлады і назапашваньне ўласнасьці) поруч з адсутнасьцю якога-любя стратэгічнага бачаньня разьвіцьця краіны — і адначасова адным з істотных сродкаў яе практычнага ажыцьцяўленьня. Пра асаблівасьці гэтага ажыцьцяўленьня напісана ўжо нямала, у тым ліку і аўтарам гэтых радкоў: у самых агульных рысах яно зводзіцца да эксплюатацыі камуністычна-таталітарнай ды савецка-каляніяльнай спадчыны й утрыманьня грамадзтва ў атамізаваным, падзеленым, дэзарыентаваным і адчужаным неграмадзянскім стане. Менавіта ў адсутнасьці грамадзянскай салідарнасьці — супольных для ўсіх і кожнага нацыянальных сымбаляў ды ідэяў, супольнага бачаньня мінуўшчыны ды будучыні — уладная алігархія неспадзявана пабачыла спрыяльны грунт для ажыцьцяўленьня сваёй спэцыфічнай “момантакратычнай” палітыкі.

Зь дзьвюх магчымасьцяў разьвіцьця, якія на пачатку 90-х гадоў разгортваліся перад посткамуністычнай намэнклятурай усіх постсавецкіх краінаў, украінскія эліты не скарысталіся ніводнай: яны зусім ня здолелі трансфармаваць сябе ў добрапрыстойных цэнтрыстаў, кшталту літоўскіх, вугорскіх ці польскіх, выракшыся камуністычных і тым больш каляніяльных сымбаляў ды навучыўшыся больш-менш сумленна гуляць паводле эўрапейскіх лібэральна-дэмакратычных правілаў. Не наважылася намэнклятура пайсьці і на практычна поўную рэстаўрацыю савецка-каляніяльнае (ці імпэрскае) спадчыны паводле ўзору Беларусі й Расеі, кінуўшы просты выклік усім тым “недарэчным” эўрапейскім правілам. Украінскія эліты хутчэй інтуітыўна, чым сьвядома, намацалі “трэці шлях”, што прадугледжваў імітацыю дэмакратычных зьменаў і адначасовую кансэрвацыю наяўнага, атрыманага ў спадчыну ад УССР статус-кво. Пра прычыны такога неймавернага выбару няма як казаць, бо трэ было б дакладна высьвятляць спэцыфіку ўкраінскага соцыюму, мясцовых (пост)камуністычных элітаў ды нацыянал-дэмакратычнае апазыцыі. Галоўнае тут тое, што вынікам гэтага “выбару” стала ўсебаковая дэградацыя ўкраінскай эканомікі, росквіт карупцыі, стагнацыя грамадзтва (цынічна рэпрэзэнтаваная як “стабільнасьць”) ды міжнародная ізаляцыя дзяржавы, кіраўнікі якой год у год абяцаюць адно, а робяць іншае (“гуляюць не паводле правілаў, а з правіламі”, як дасьціпна вызначыў сутнасьць украінскага “трэцяга шляху” Хаўер Саляна).

Зразумела, што тактыка “момантакратыі” (ні пра якую стратэгію тут ня йдзецца, беручы пад увагу саму сутнасьць рэжыму) не прадугледжвае ні пасьлядоўнае дэкамунізацыі, дэсаветызацыі й дэкалянізацыі краю (у тым ліку і на ўзроўні рэпрэзэнтацыйных сымбаляў), ні, наадварот, яго пасьлядоўнае рэсаветызацыі ці, тым больш, рэкамунізацыі й рэкалянізацыі. Увогуле ніякай пасьлядоўнасьці тут быць ня можа, бо сама прырода “момантакратыі”, яе сутнасьць — гэта элемэнтарнае, ледзь не фізіялягічнае рэагаваньне на непасрэдныя раздражняльнікі: такі сабе штодзённы гандаль — наданьне разнастайных канцэсіяў хаўрусьнікам, шантаж апазыцыянэраў, маніпуляваньне нявызначаным і дэзарыентаваным у масе сваёй насельніцтвам, якое і надалей сьлед трымаць у стане нявызначанасьці й дэзарыентаванасьці.
 

   
   

У гэтым кантэксьце ўшанаваньне Шчарбіцкага наўрад ці можна лічыць часткай шырэйшай агульнай стратэгіі, скіраванай на згортваньне “нацыяналізацыйных” праграмаў і разгортваньне саветызацыйных, каляніяльных, на выцясьненьне ўкраінскіх сымбаляў і рэстаўрацыю савецка-каляніяльных. Хутчэй за ўсё, ніякай прадуманае стратэгіі не існуе, хоць цалкам можа быць, што ўладная эліта ў сваёй ідэалягічнай аморфнасьці ды не абмежаванай ніякім здаровым сэнсам “шматвэктарнасьці” робіць цяпер чарговы ківок у бок бліжэйшага ёй тэрытарыяльнага, “крэольскага” патрыятызму ды менавіта “дзяржаўніцкай” (а не нацыянальнай) ідэалёгіі. Па вялікім рахунку, уласных сымбаляў украінскія “ўладцы” ня маюць, а дакладней, імі мусілі б быць які-небудзь Аль-Капонэ ці Брат-2 — словам, нешта такое, што пачапіць сабе на фасад яны, відаць, ня змогуць зь меркаваньняў асабістае добрапрыстойнасьці ды дзяржаўнае легітымнасьці. Што ж да Шчарбіцкага зь ягонай савецкай “волгай” ды рублёвай ашчадкніжкай, дык ён, вядома, ня ёсьць і ня можа быць уласным сымбалем сёньняшняй уладнай алігархіі, а таму безумоўна адпавядае ўсім “найвышэйшым” патрэбам і меркаваньням — як і Вячаслаў Чарнавіл, 65-гадовы квазіюбілей якога нядаўна адзначылі тыя самыя “ўладцы”, як і Міхайла Грушэўскі, цалкам ужо “ўладцамі” кананізаваны, як і гетман Мазэпа, фільм пра якога ўсё тыя ж “уладцы” прафінансавалі зь дзяржбюджэту, як і, урэшце, князі Ўладзімер ды Яраслаў Мудры, абачліва намаляваныя на ўкраінскіх банкнотах з казацкімі вусамі, а не “кацапскімі” бародамі.

Шчарбіцкі ў гэтым кантэксьце хутчэй дапаўняе, чым руйнуе эклектычны “дзяржаўніцкі” іканастас, пабудаваны посткамуністычнай уладай. Іканастас, у які ўмантоўваюць і Шчарбіцкага, і Грушэўскага, і Героя Ўкраіны Чарнавіла, і Героя Ўкраіны Зьвягільскага, і пасьмяротнага кавалера Ордэна Яраслава Мудрага 5-й ступені Васіля Стуса, і ягонага кагэбісцкага “адваката” Віктара Медзьведчука (Героя Ўкраіны, вядома, няма базару), — такі іканастас ня ёсьць ні ўкраінскім, ні “антыўкраінскім”; ён увогуле не зьяўляецца нацыянальным, то бок разьлічаным на пашану нацыянальна сьвядомых і салідарных грамадзянаў ды, адпаведна, узмацненьне ў іх грамадзянскай сьвядомасьці й салідарнасьці. Іканастас, які стварае посткамуністычная ўлада, ёсьць чыста дзяржаўніцкім, то бок ідалападобным, унутрана спустошаным, пазбытым зьместу, разьлічаным на сьляпое ўшанаваньне падданымі ды выхаваньне ў іх неграмадзянскай, атамізаванай сьвядомасьці пачуцьця нікчэмнасьці перад усёмагутным ірацыянальным дзяржаўным малохам.

Пра “пасьпяховасьць” гэтага экспэрымэнту сьведчаць вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў. Ускосным наступствам алігархічнага “дзяржавабудаваньня” зьяўляецца дрымучы этатызм і патэрналізм закансэрваванага ўва Ўкраіне гома саветыкуса. Задаўшы нядаўна дзьвюм тысячам рэспандэнтаў пытаньне “Хто, паводле Канстытуцыі, зьяўляецца крыніцаю ўлады ўва Ўкраіне?”, дасьледчыкі з Цэнтру імя Разумкова атрымалі адказы: “Прэзыдэнт Украіны” — 31,2%, “Ня ведаю/цяжка адказаць” — 28,8%, “Народ Украіны” — 17,7%, “Вярхоўная Рада” — 15,1%, “Канстытуцыйны/Вярхоўны Суд” — 4,4%, “Кабінэт Міністраў” — 2,8%. Гэтыя адказы адлюстроўваюць ня толькі прававую непісьменнасьць і цемнату насельніцтва, успадкаваную ад савецкіх часоў, але й цалкам рэальны, асабісты досьвед узаемаадносінаў з роднай “дэмакратычнай” дзяржавай, набыты ўжо ў постсавецкае дзесяцігодзьдзе. На пытаньне “Каму рэальна належыць улада ўва Ўкраіне?” тыя самыя рэспандэнты адказалі так: “Прэзыдэнту Ўкраіны” — 53,3%, “Ня ведаю/цяжка адказаць” — 27,8%, “Вярхоўнай Радзе” — 25,1%, “Кабінэту Міністраў” — 11,4%, “Канстытуцыйнаму/Вярхоўнаму Суду” — 5,8%, “Народу Ўкраіны” — 3,5 (sic).
 

   
   

Тое, што ў абодвух выпадках на першым месцы апынуўся прэзыдэнт Украіны, шмат пра што гаворыць, як і тое, што другую па велічыні групу рэспандэнтаў складаюць людзі, якія ня вызначыліся з адказам. (Тым часам у многіх апытаньнях гэтая група зьяўляецца нават не другой, а першай.) Але самае характэрнае ў гэтай статыстыцы — тое сярэдняе ці нават апошняе месца, якое адводзяць у адпаведных апытаньнях рэспандэнты “народу Ўкраіны”, г.зн. самім сабе. Гэта, можна сказаць, і ёсьць галоўным вынікам алігархічнага дзяржава-нацыябудаваньня ўва Ўкраіне, у кантэксьце якога афіцыйнае сьвяткаваньне “юбілею” Шчарбіцкага мае ня большае (але й ня меншае) значэньне, чым крывадушнае, чыста ўтылітарнае, “момантакратычнае” ўшанаваньне гэтай уладай Стуса або Чарнавіла ці герояў Крутаў*.

З культурна-антрапалягічнага пункту гледжаньня ўсе гэтыя падзеі, уключна зь сьпехам выдуманым юбілеем Шчарбіцкага, — акты чыста сымбалічныя: такое сабе пазначэньне падкантрольнае тэрыторыі — гэтак мядзьведзі абдзіраюць кіпцюрамі кару з дрэваў, сабакі значаць парканы, зграі лос-анджэласкіх падлеткаў малююць на сьценах мудрагелістыя графіці, зашыфроўваючы ў іх грозныя пасланьні супернікам зь іншых бандаў, а зладзеі ў законе зьяжджаюцца на пахаваньне чарговага хроснага бацькі, каб на сваіх “мэрсэдэсах” дэманстратыўна праехацца кавалькадай праз увесь горад, натхнёна ціснучы на кляксоны. Зазвычай ніякага практычнага сэнсу ў гэтых і падобных актах няма, апроч аднаго: акрэсьліць сваю сымбалічную прастору, легітымізаваць (а дакладней — сакралізаваць, бо пра сапраўдную “легітымнасьць” тут ня йдзецца) сваё панаваньне на гэтых абшарах з дапамогай пэўных рытуальных, магічных дзеяньняў.

Было б, аднак, памылкаю зводзіць усё гэтае абдзіраньне дрэваў ды абсцыканьне палітычных парканаў да чыста сымбалічнае, рытуальнае дзеі. Улада рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў 2004 году, якіх зь вядомых усім прычынаў ня сьмее прайграць і перамогі на якіх будзе дабівацца ўсімі магчымымі і немагчымымі сродкамі. Часткова нам ужо паказалі тыя сродкі ў 1999 ды 2002 гадах, часткова далі пачуць чароўную аўтэнтыку выканаўцаў на Мельнічэнкавых запісах. Ведаючы спэцыфічную “сілу” дзейнае ўлады, можна меркаваць, што гэта яшчэ далёка ня край даступных ёй “тэхналёгіяў”. Нават калі ўявіць малаімавернае — што ня хопіць уласных сабачых сыноў, — хопіць маскоўскіх.

Сьвяткаваньне “юбілею” Шчарбіцкага (як і гадавіны Пераяслаўскае рады, як і “Году Расеі ўва Ўкраіне”, як і шмат якіх іншых прапагандысцкіх карнавалаў, колькасьць якіх будзе расьці як лявіна ў наступныя паўтара году) акрэсьлівае ня толькі сымбалічную, але й цалкам рэальную тэрыторыю, дзе, на думку “паліттэхнолягаў”, жыве іхны патэнцыйны электарат, іхная галоўная надзея і апора, аб’ект іхнае шматгадовае прапагандысцкае апекі — homo soveticus. Ён сумуе бяз таннае кілбасы, стабільнасьці і сьвятога права нічога ня ведаць і ні за што не адказваць. Менавіта для яго будуць мігцець на тэлеэкранах настальгічныя “агеньчыкі” і “кавээны”, маршаваць “браты” і “мянты” з братняе Русі, “мачыць” ворагаў у сваіх пяціхвілінках нянавісьці адыёзныя тэлезмагары, будуць надрывацца “шансоны” і накладаць галавой за правы “прыгнечанай” расейскай мовы яе прафэсійныя абаронцы. Усё будзе як у 1994-м, толькі — з улікам памераў “абшчака” і паслужнога сьпісу “бацькоў” — нашмат больш цынічна, брутальна ды бессаромна.

Сьвяткаваньне “юбілею” Шчарбіцкага ды зьвязаныя з гэтым афіцыйныя захады — гэта, у прынцыпе, толькі кропля памыяў, у параўнаньні з тым акіянам, які выльецца на нашыя электаральныя галовы ў наступныя паўтара году. Прадуцэнты гэтых памыяў па-свойму маюць рацыю: трыццаць адсоткаў прыхільнікаў Юшчанкі — гэта яшчэ ня ўся Ўкраіна. Нашмат больш тых, што ня вызначыліся, што топкаюцца разгублена між звыклым мінулым і нязвыклай будучыняй, між Эўропай і Эўразіяй, між годным, але адказным жыцьцём і нікчэмным, але шчасьліва-бяздумным. Якраз за іх і йдзе асноўная барацьба, якраз іхныя стэрэатыпы, фобіі ды настальгійныя комплексы будзе распальваць дзяржаўная прапаганда, якая ўжо даўно ўсьвядоміла: падтрымліваць у чалавеку жывёльнае і рабскае нашмат прасьцей, чым выціскаць зь яго раба і выхоўваць грамадзяніна.

“Гома саветыкуса” не абразіш ні “юбілеем” Шчарбіцкага, ні помнікам Леніну на цэнтральнай плошчы, ні днём невядома якога “абаронца” невядома якой “айчыны”, ні нават цынічнай балбатнёй бандыцкіх “элітаў” на Мельнічэнкавых стужках. Магчыма, гэты люд і насамрэч заслугоўвае таго начальства, якое мае, і тае зладзейскай, занядбанай і ўсімі зьняважанай краіны, якую толькі й можна параўноўваць з “братнімі” ня менш “саўковымі” Расеяй і Беларусяй. А ўсё ж шкада тае меншасьці, тых трыццаці адсоткаў, якія прагнуць іншай Украіны і гатовыя за яе змагацца, а не гібець усё жыцьцё пад шчарбіцкімі-краўчукамі-кучмамі ды іншымі пэрсанажамі нашага маларасійскага паноптыкуму.

 

 




















* Круты — мястэчка пад Кіевам, каля якога 29 студзеня 1918 г. адбылася бітва кіеўскіх студэнтаў з бальшавікамі. Каля 300 студэнтаў загінула.
   

3

Галоўная праблема, якая мусіла б стаць аб’ектам дыскусіяў (прынамсі ў інтэлектуальным асяродзьдзі) у сувязі з афіцыйным сьвяткаваньнем “юбілею” Шчарбіцкага і якая, на вялікі жаль, такім аб’ектам ня стала, — гэта праблема злачыннага характару камуністычнае сыстэмы, яе падабенства (і адрознасьці) ад нацызму, а адсюль — меры адказнасьці нацысцкіх і камуністычных правадыроў за злачынствы перад чалавецтвам. На Захадзе некалькі гадоў таму гарачую дыскусію з гэтае нагоды выклікала зьяўленьне фундамэнтальнай працы францускіх дасьледчыкаў «Чорная кніга камунізму. Злачынствы, тэрор, перасьледаваньні», але ўва Ўкраіне і яна ніяк не адбілася ні ў масавай, ні — што яшчэ горай — у спэцыяльнай літаратуры.

Імавернасьць такой рэакцыі да пэўнае меры спрагназаваў і ў вялікай меры патлумачыў у перадмове адзін з аўтараў Стэфан Куртуа: “«Кніга» зачапіла самы стрыжань праблемы — злачынства як сутнасьць камунізму. Спрабавала ацаніць камуністычную сыстэму паводле вынікаў яе дзейнасьці, дзясяткаў мільёнаў ахвяраў. Спрабавала адказаць, чаму ўсюды, дзе камунізм дасягнуў улады, засталіся мільёны дамавінаў. Некаторым гэта цяжка праглынуць”.

«Чорная кніга камунізму» парушыла псыхалягічны камфорт многіх людзей, паказваючы, што “тэрор і масавае злачынства — гэта стрыжань камуністычнае сыстэмы”, а ня нейкая яе мутацыя або, так бы мовіць, пабочны эфэкт “увогуле неблагога” праекту.

“«Чорная кніга» прыводзіць да высноваў пра паралелізм дзьвюх крывавых утопіяў, пра імавернасьць і магчымасьць, або нават абавязковасьць супастаўленьня двух таталітарызмаў ХХ стагодзьдзя, якія нарадзіліся з ідэнтычнае адмовы ад “буржуазнае” дэмакратыі, дэкалёгу правоў чалавека і грамадзяніна, з тае самае гульні на найгоршых чалавечых інстынктах — на нянавісьці і зайздрасьці, на помсьце і адплаце, хцівасьці і неталерантнасьці, на бязьлітасным зьнішчэньні праціўніка, сапраўднага і прыдуманага, з мэтай стварэньня “новага чалавека” любой цаной”.

Зусім не ідэалізуючы заходніх дэмакратый, што, як піша Стэфан Куртуа, “таксама чынілі жахлівае”, варта ўсё ж памятаць, што злачынства для іх “не было сутнасьцю кіраваньня дзяржавай”.

“Я сапраўды лічыў, — цьвердзіць Куртуа, — што пэўную частку злачынстваў, зьдзейсьненых камуністычнымі рэжымамі супраць людзей толькі празь іхнае паходжаньне, а не за іх дзеяньні, можна і трэба кваліфікаваць якраз так (як злачынствы супраць чалавецтва). Як яшчэ можна назваць тое, што Сталін і ягонае атачэньне пастанавілі вымарыць голадам некалькі мільёнаў украінскіх сялянаў — за тое, што яны былі “кулакамі”, то бок клясай, і ўкраінцамі, то бок народам? Ці тое, што цягнікамі сьмерці дэпартаваліся цэлыя этнічныя групы?”

Гісторык Яраслаў Грыцак падчас дыскусіі на старонках «Критики» вельмі дасьціпна адрэагаваў на пашыраны аргумэнт, згодна зь якім “камунізм можна ўявіць без ГУЛАГу, а нацызм бяз газавых камэраў — не” і таму, як сьцьвярджае Тоні Джут, “трэба разьмяжоўваць рэжымы, якія вынішчаюць людзей дзеля пэўнай перадвызначанай (гіпатэтычна шляхетнай) грамадзкай мэты, і рэжымы, для якіх зьнішчэньне людзей зьяўляецца самадастатковай мэтай”. Грыцак заўважае, што камунізм праіснаваў семдзесят гадоў, тады як нацызм — толькі дзесяць, а таму “цалкам магчыма, што пасьля Гітлеравай сьмерці ён вырадзіўся б у нейкі мякчэйшы таталітарызм із сваім спарахнелым нацысцкім Брэжневым, а пасьля б дачакаўся перабудовачнага партайгеносэ Гарбачова. Ня ведаю, што б тады сталася з газавымі камэрамі. Затое мы добра ведаем гісторыю радзімы камунізму — Савецкага Саюзу — і можам засьведчыць, што без ГУЛАГу гэты рэжым хутка страціў бы галоўную апору і сэнс свайго існаваньня”.
 

   
   

Наіўна было б чакаць ад украінскіх алігархічных мас-мэдыяў сур’ёзнага абмеркаваньня гэтых праблемаў ці хоць бы згадкі пра іх маральны аспэкт — хоць “юбілей” Шчарбіцкага даваў для гэтага нібыта нядрэнную нагоду.

Яшчэ больш прыкра, што гэтыя праблемы зусім не абмяркоўваліся і ў інтэлектуальным асяродку (за адзінкавымі і, у прынцыпе, маргінальнымі выключэньнямі). Ад украінскіх інтэлектуалаў на дванаццатым годзе дзяржаўнае незалежнасьці хацелася б пачуць больш сур’ёзныя думкі пра сутнасьць дзяржавы, якую яны супольна з посткамуністычнай алігархіяй будуюць, а таксама пра тое, ці можна ўвогуле што-небудзь людзкае збудаваць на аснове непераможанай савецка-камуністычнай спадчыны, акрамя таго алігархічна-дзяржаўнага монстра, які ёсьць. Варта было б ня толькі высьветліць, быў ці ня быў Шчарбіцкі зацятым русіфікатарам і зьнішчальнікам дысыдэнцтва (ці ж мала такіх Шчарбіцкіх было ўва ўкраінскай гісторыі?..), але й адказаць на нязручнейшыя — і адначасова істотнейшыя — пытаньні: як адзначэньне “юбілею” Шчарбіцкага суадносіцца зь сьвяткаваньнямі юбілеяў Алеся Ганчара ды іншых клясыкаў сацрэалізму, зь перавыданьнем іх шматтомнікаў, навязваньнем іх сумнеўных твораў навучальным праграмам, з публікацыямі разнастайных “Залатых імёнаў” з залатым цісьненьнем (пры непасрэдным удзеле нацыянал-дэмакратычных бонзаў), з пакорлівым вызнаньнем легітымнасьці савецкага (антыўкраінскага паводле самой сваёй сутнасьці) КГБ, а разам зь ім і легітымнасьці многіх іншых таталітарных інстытуцыяў, крыху падфарбаваных (як, напрыклад, так званыя “нацыянальныя” творчыя саюзы, ці акадэмія навук, ці “народныя” суды, ці яшчэ “народнейшыя” пракуратуры) або і кардынальна адрамантаваных (як, напрыклад, “Нацыянальная” прэмія імя Шаўчэнкі), — а таму аднолькава моцна ўмантаваных у наяўную палітычную сыстэму — кандова савецкую і аўтарытарную.

Усе спробы абмеркаваць акрэсьленыя тут праблемы пасьпяхова маргіналізуюцца, замоўчваюцца, выпіхваюцца ў дэвіянтную “напаўвар’яцкую”, “экстрэмісцкую” сфэру — і гэта ня толькі ў паноўным алігархічным дыскурсе, але і ў дыскурсе нібыта апазыцыйным, дэмакратычным. Праблема дэкамунізацыі й дэсаветызацыі інтэрпрэтуецца як банальны заклік да “суду над КПСС” і руйнаваньня помнікаў Леніну ды іншых таталітарных сымбаляў, а не як шырокая праграма маральнага ачышчэньня й інстытуцыйнага абнаўленьня грамадзтва.

Пакуль што ў апініятворчых інтэлектуальных асяродках пераважаюць іншыя падыходы, якія можна дзеля прыкладу праілюстраваць хоць бы нядаўнім аповедам акадэміка Івана Дзюбы пра яшчэ адну “залатацісьненую” сэрыю пад назваю «Бібліятэка Шаўчэнкаўскага камітэту». Як адзін з самых сумленных і эрудыяваных украінскіх інтэлектуалаў, Іван Дзюба, бясспрэчна, ведае, што далёка ня ўсе творы, адзначаныя Шаўчэнкаўскай узнагародай у таталітарныя часы, заслугоўваюць перавыданьня. Ён прызнае, што “здараліся выпадкі, калі творы адзначаліся, на жаль, з каньюнктурных меркаваньняў, перамагаў заідэалягізаваны і запалітызаваны падыход”, былі творы, “якія сёньня папросту адыёзна гучаць, кампрамэтуюць высокую прэмію”. “Але, — перакананы ён, — гэта выключэньні, асноўная маса — гэта выдатныя творы літаратуры і мастацтва”.

Неперадузяты чытач мог бы заўважыць, што на самай справе ўсё было наадварот: толькі ў асобных выпадках творы ўзнагароджвалі не з каньюнктурных меркаваньняў, заідэалягізаваны і запалітызаваны падыход толькі гады ў рады не перамагаў, а выдатныя творы літаратуры і мастацтва былі хутчэй выключэньнямі ў таталітарнай Шаўчэнкаўскай бібліятэцы, чым асноўнай масай.
 

   
   

“Нейкія рэчы, самыя яскравыя і таленавітыя з таго, што адлюстроўвала намаганьні пэўнага пісьменьніка адпавядаць духу свайго часу, мы таксама будзем даваць, — кажа Іван Дзюба. — Вось, напрыклад, у кнігу Міколы Бажана мы, вядома, уключылі яго клясычныя рэчы — «Людина стоїть в зореноснім Кремлі…», «Клятва», бо гэта моцныя рэчы, у іх адбівалася эпоха. Хто б як ні ставіўся сёньня да таго, але ж гэтыя людзі былі часткаю жыцьця нашага грамадзтва”.

Заўважым, што гаворка йдзе не аб нейкай анталёгіі вершаў пра Сталіна ці, напрыклад, выставу таталітарнага мастацтва, дзе адпаведныя творы зьмешчаныя ў адпаведны кантэкст, адпаведна пракамэнтаваныя і “муміфікаваныя”, ператвораныя ў чыста музэйны артэфакт — дзякуючы папярэдне зьдзейсьненай пасьлядоўнай дэкамунізацыі (або дэнацыфікацыі) посттаталітарнага грамадзтва й выпрацоўцы ў яго эфэктыўнага імунітэту да таталітарнае прапаганды. Наадварот, гаворка йдзе пра своеасаблівую “бібліятэку шэдэўраў”, перавыданьне якіх, паводле словаў самога Дзюбы, “мусіць стацца сьведчаньнем таго, што яны вытрымалі выпрабаваньне часам (sic) і зьяўляюцца чыньнікам культурнага жыцьця і сёньня”. Што яшчэ горай — гэтыя шэдэўры адрасаваныя грамадзтву, якое не прайшло дэкамунізацыі, ня выдзерлася зь “бездані маразму”, як сказаў бы Ален Бэзансон, не пазбылася сваёй саўковасьці, сваіх унутраных таталітарных комплексаў. Ці можа такое грамадзтва паставіцца да таталітарных “шэдэўраў” адстаронена, то бок ня проста як да “сваёй” гісторыі (“якою б яна ні была”), а як да эпізоду паталягічнага, вартага асуджэньня, пакаяньня ці, бадай, сарданічнае ўсьмешкі?

Аргумэнтацыя Дзюбы, незалежна ад яго суб’ектыўных намераў, абумоўленая, верагодна, шырынёю душы, а не папулярнейшымі ў гэткіх выпадках карпаратыўнымі інтарэсамі, тыпалягічна нічым, аднак, не адрозьніваецца ад чыста карпаратыўных (намэнклятурна-алігархічных) аргумэнтаў на карысьць захаваньня помнікаў Леніну й разнастайных камуністычных тапонімаў, адзначэньня савецкіх сьвятаў і ўшанаваньня партыйных правадыроў накшталт Шчарбіцкага — бо ўсе яны “былі часткаю жыцьця нашага грамадзтва”, “як бы хто сёньня да гэтага ні ставіўся”. І калі перасьпеў няшчасным Бажаном ці Тычынам сталінскіх прыдворных паэтаў трактаваць як “намаганьне адпавядаць духу свайго часу”, дык і якія-небудзь сучасныя паскудзтвы, кшталту тэлепраграм «Однако» або «Епіцентр», нам таксама давядзецца з часам кананізаваць — бо і ў іх “адбілася (на свой лад) эпоха”, дый рабілі іх людзі не бяз пэўнага таленту.

“Ёсьць адно агульнае правіла, — пісаў мудры Бэзансон, — калі табе даводзіцца процістаяць ідэалягічнаму рэжыму, дык першае, што ты мусіш зрабіць, гэта без усялякіх дыскусіяў адпрэчыць тое ўяўленьне пра рэальнасьць, якое ён хоча табе накінуць. Бо калі ты вызнаеш “частковую ісьціну”, ты прапаў”.

Беспрынцыповасьць украінскіх інтэлектуалаў ня мае нічога супольнага з патрэбай грамадзкага дыялёгу і кампрамісу, паразуменьня і прымірэньня — складаным і балючым працэсам, празь які давялося прайсьці многім постаўтарытарным дзяржавам, уключна з Гішпаніяй і Чылі, на досьвед якіх сёньня многа хто спасылаецца. Паразуменьне й прымірэньне азначае ня толькі спыненьне “халоднай грамадзянскай вайны”, адмову ад асабістых рахункаў і спакусьлівага “паляваньня на вядзьмарак”. Гэты працэс прадугледжвае таксама публічнае асуджэньне мінулых злачынстваў і самой злачыннай сыстэмы, рашучую адмову ад скампрамэтаваных той сыстэмай практык ды інстытуцыяў, сумленнае пакаяньне ўсіх датычных і дараваньня для ўсіх, хто не запляміў сябе злачынствамі супраць чалавецтва. Гаворка йдзе, сказаў бы Ален Бэзансон, пра амністыю, а не пра амнэзію.
 

   
   

Вядомая ўкраінская паэтка Ліна Кастэнка, абураная ў свой час балбатнёю калегаў-літаратараў пра тое, што “ўсе мы вінаватыя”, “усе мы служылі і прадаваліся, хто болей, хто меней”, выйшла ў знак пратэсту з Саюзу пісьменьнікаў, але гэты жэст практычна ня меў ніякага грамадзкага розгаласу. Украінская інтэлігенцыя, падобна, нават не зразумела, што здарылася: амаль усе мае спробы высьветліць у прыватных гутарках меру гэтага разуменьня сканчаліся больш або менш празрыстымі намёкамі суразмоўцаў на эмацыйную, скажам так, неўраўнаважанасьць пісьменьніцы ды на яе надмерную амбітнасьць. Падобна быў успрыняты і жэст Андруховіча, які дэманстратыўна адмовіўся ад намінаваньня на Шаўчэнкаўскую прэмію: ніхто не аналізаваў дэкляраваных ім прычынаў адмовы (нежаданьне легітымізаваць наяўную — антыкультурную і антыўкраінскую — уладу, прымаючы ад яе любыя ўзнагароды і вызнаючы тым самым, што яна мае права тыя ўзнагароды даваць), затое ўсе дружна і надзвычай зласьліва казалі пра Андруховічаву пыху і, вядома, пра тое, што яму “ўсё адно ніякая прэмія не сьвяціла”.

Падобна рэагавала нашая “інтэлектуальная” супольнасьць і на выступы Рыгора Грабовіча пра непераможаную савецкую спадчыну ў “нацыянальнай” Акадэміі навук, і на выхад вялікай групы літаратараў з крыптасавецкага “нацыянальнага” Саюзу пісьменьнікаў, і на публікацыі некалькіх аўтараў пра крыптасавецкія зьявы і тэндэнцыі на апошнім кангрэсе Міжнароднай асацыяцыі ўкраіністаў. Ніхто не абмяркоўваў пададзеных аргумэнтаў, затое ўсе дружна высьвятлялі, якія таемныя стымулы (хваравітыя амбіцыі, рэўнасьць, подкуп) рухалі аўтарамі. Гэта, уласна, і ёсьць “бездань маразму”, пра якую пісаў Бэзансон, — калі крытыкаў не цікавіць тэкст, то бок закранутыя ў ім праблемы, затое хваравіта цікавіць усё, што па-за тэкстам: пятая графа аўтара, знаходжаньне бацькоў на акупаванай тэрыторыі, сувязь прабабкі зь левымі эсэрамі, адсутнасьць дыплёму пра вышэйшую адукацыю, колькасьць чырвонцаў, атрыманых ад замежных выведак. Мы, як выявілася, дагэтуль жывём у сьвеце, дзе маральным ёсьць не праўдзівае, а мэтазгоднае; дзе па-сапраўднаму істотна ня тое, што сказана, а тое, хто сказаў і навошта. Рэакцыя ўкраінскае ўлады (і праўладных мас-мэдыяў) на Мельнічэнкавы запісы таксама красамоўна і па-свойму заканамерна пацьвярджае гэтае правіла.

Пераканаўшыся, што ўлада ўва Ўкраіне сапраўды “моцная як ніколі” і што яе “спадкаемнасьць” забясьпечваецца належным чынам, можам адказаць нарэшце і на яшчэ адно балючае пытаньне, якое часта ўсплывае ў нашых інтэлектуальных дыскусіях апошняга часу. Гаворка йдзе пра ўсё больш вострае адчуваньне міжнароднае ізаляцыі Ўкраіны, усё больш безнадзейнае адставаньне ад “першага” і нават “другога” сьвету (які на нашых вачах робіцца “першым”) ды пра ўсё больш рэальную пэрспэктыву, акрэсьленую Андруховічам: “назаўжды застацца пры ўласнай другагатункавасьці, непаўнавартасьці, пасіўнай незадаволенасьці — па-за сучаснасьцю, па-за гісторыяй, па-за будучыняй і па-за вечнасьцю”.

Ня ўсе ўкраінскія заходнікі ўсьведамляюць, што Захад такі, які ёсьць (абыякавы, цынічны, эгаістычны, неадукаваны), аднак мае адну перавагу: ня мы яму патрэбныя, а ён нам. А таму і абражацца асабліва не выпадае: замест таго каб прыкласьці максымальныя намаганьні й пераканаць Захад, што мы не Расея, што мы іншыя, што мы, хоць і саветызаваныя-камунізаваныя, усё ж намагаемся гэты праклён зь сябе скінуць, украінскія “эліты” цягам дванаццаці гадоў пераконвала сьвет у цалкам супрацьлеглым: мы саўкі і нам гэта падабаецца, бо гэта наша мінулае, якога ня сьлед выракацца.

Раман Сальчанык нядаўна зрабіў своеасаблівае падсумаваньне інтэлектуальных дэбатаў у асяродзьдзі ўкраінскіх заходнікаў, нагадаўшы ўсім, што заходніх эўрапейцаў цікавіць ня толькі эканоміка (прыблізна аднолькава кульгавая зь іх пункту гледжаньня ўва ўсёй Усходняй Эўропе), а найперш — ідэнтычнасьць. Бо якраз ад яе, урэшце, залежыць здольнасьць (або няздольнасьць) нацыі засвоіць эўрапейскія каштоўнасьці, нарасьціць сацыяльны капітал, рэфармаваць палітыку ды эканоміку. Тым часам, піша Сальчанык, “украінскія кіраўнікі надзіва ўвішныя ў стварэньні (між усяго іншага) абсалютна непатрэбных бюракратычных структураў. У мінулым жніўні прэзыдэнт Кучма стварыў Дзяржаўную раду па пытаньнях эўрапейскае і эўраатлянтычнае інтэграцыі, якая пачала “функцыянаваць” у студзені. Таксама ў студзені ён стварыў Нацыянальны цэнтар па пытаньнях эўраатлянтычнае інтэграцыі Ўкраіны на чале з колішнім дарадцам па пытаньнях нацыянальнае бясьпекі Ўладзімерам Гарбуліным… Адзінае, чаго спадар Кучма і ўся палітычная кляса, усе ўкраінскія паэты, мастакі й песьняры так і ня здолелі стварыць, — гэта ўкраінская нацыя”.

Не здымаючы тут віны з “паэтаў, мастакоў і песьняроў” (асабліва тых, якія калябаруюць з рэжымам), усё ж заўважым, што згаданая “палітычная кляса”, уласна, і не намагалася стварыць нацыю. Наадварот, усе яе “дзяржаўніцкія” намаганьні былі і ёсьць скіраванымі найперш на тое, каб маса саўковых “падданых” так і ня сталася сучаснай украінскай нацыяй, то бок супольнасьцю сувэрэнных грамадзянаў. Бо такія грамадзяне могуць раптам згадаць, што якраз яны — а не прэзыдэнт, ня ўрад і нават не парлямэнт — зьяўляюцца вярхоўнаю крыніцай улады ў гэтай гарапашнай краіне. І тады збудзецца найстрашнейшы сон Шчарбіцкага, Краўчука, Кучмы і ўсяе іх палітычнае клясы: мэгапраект “спадкаемнасьці ўлады”, які яны зьдзяйсьнялі цягам васьмідзесяці гадоў, нарэшце завершыцца.

 

Пераклаў з скаротамі з украінскай Андрэй Скурко
паводле часопісу «Критика», № 5-6/2003.

 
 

   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 6 (29) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Майстраваньне [mk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/01/21